Цэтлікі блога для настаўнікаў

Рэклама

Дадайце наш блог у свае сацыяльныя сеткі

Папулярныя паведамлення

среда

СЦЭНАРЫЙ ВЕЧАРА “Ты будзеш звінець, мая родная мова!”


СЦЭНАРЫЙ ВЕЧАРА
“Ты будзеш звінець, мая родная мова!”


Транспарант: “Роднае слова!.. Як жыло ты з намі – будзеш вечна жыці, грамадой мільёнаў з светам гаманіці” (Янка Купала). Заслону найлепш упрыгожыць беларускім арнаментам. З аднаго боку сцэны можна павесіць плакат-зварот да вучняў:
Не зраўнуйцеся з птушкай
Маленькай – жупанам,
Што ведае спевы
Дразда, салаўя, берасцянкі,
Матчынай песні апроч.

Алесь Каско
Перад заслонаю вядучыя (дзве дзяўчыны і юнак).
1 вядучы:
У любімай мове, роднай, наскай,
Ах якія словы: “Калі ласка!..”
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною.
2 вядучы:
Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:
-          Калі ласка, калі ласка ў хату!
Не паспелі сесці пры сустрэчы,
Як патэльня засквірчала ў печы,
Бульба, смажаніна і каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калі ласка!
3 вядучы:
Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:
-          Калі ласка, будзеш гаспадыняй!
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Усе з табой нягоды пераможам.
1 вядучы:
Гром грыміць. З нябёсамі размова:
-          Калі ласка, цёплы дождж вясновы!
І не вельмі буйны, і не рэдкі, -
На сады, на пушчы, на палеткі,
На грыбы, на ягады, на кветкі…
2 вядучы:
-          Калі ласка! – наш зварот бясконцы,
Мы гаворым ранішняму сонцу:
-          Калі ласка, выйдзі з хмары,
Радасцю аблашчы нашы твары,
Ты ўзнімі з сабою нашы мары!
3 вядучы:
-          Калі ласка!.. – нашай роднай мовы
Шчырыя і ласкавыя словы.
(Пятрусь Броўка)

1 вядучы: Гэтымі роднымі, шчырымі і ласкавымі словамі запрашаем вас, дарагія настаўнікі, вучні і госці, на вечар “Ты будзеш звінець, мая родная мова!”.
Усе вядучыя (разам). Калі ласка!
(Скрыпач выконвае “Імправізацыю” П.Падкавырава).
2 вядучы:
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты мост, па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
3 вядучы:
Мільгаюць старонкі твае –
І мы размаўляем з вякамі,
І продак да нас дастае
Радкімі, нібыта рукамі.
(Пятро Макаль)
1 чытальнік (з кнігі, падобнай да першадрукаў). Францыск Скарына. З прадмовы да кнігі “Юдзіф”:
Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведають гнёзда свае, рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, - тако ж и люди, игде зродили и ускормлены суть… к тому месту великую ласку имають.
2 чытальнік:
Зямлю лапцямі
прадзеды мясілі,
гады лічылі дбайныя зязюлі…
Мужнелі продкі,
гадавалі сілы,
ніякія каб злыдні
не кранулі,
ніякая каб нечысць не скарыла
крывіцкай, «рускай, богам
данай» мовы,
Францыск Скарына
ўвекавечыў дарагія словы…
(Мікола Трафімчук)
3 чытальнік: (з лістоў, падобных да летапісных). Старонкі з «Баркулабаўскага летапісу»:
Таго ж року была зима злая, снеги великие и сильные были морозы. Многимъ людемь поморозило кому ногу, кому палцы, другому видь, уши, нось, а другие з морозу померли. А коли вже была весна в року 1602, людей множество почали мерти…
… У ворот албо в дому кого стоячи хлеба просили, отец з сыном, сын з отцем, матка з дочкою, дочка з маткаю, брат з братом, сестра з сестрою, муж з женою, тыми словы мовили силне, слезне, горько мовили так: «Матухно, зезулюхно, утухно, панюшко, сподарыня, солнце, месяц, звездухно, дай крошку хлеба… Спадарыня, перепёлочко, зорухно, зернятко, солнышко, дай ложечку дитятку варивца сырого!»
2 вядучы:
Радзіма,
Цябе не зламалі навалы.
Ты, гордая,
Моваю гневу назвала,
Каб помніў чужак,
Каб нашчадак твой ведаў:
Дзядоўнік – татарнікам,
Шашаля – шведам!..
(Рыгор Барадулін)

1 вядучы: Іншы раз з жахам уяўляю, што было б з табою, - о Радзіма мая, Беларусь! – каб не мова наша. Колькі ворагаў паланілі цябе, знішчалі, палілі вёскі і гарады, тапталі палі, высякалі лясы, забівалі, выганялі за свет людзей… Апалячвалі, анямечвалі… А ты жывеш! І веру – жыць будзеш! Будзеш жыць, пакуль жыве слова наша, песня наша, мова наша!
(Барыс Сачанка)

Узнімаецца заслона. На сцэне група вучняў (пераважна юнакі) у старадаўнім беларускім адзенні. Стаяць так, быццам гэта першыя з той вялікай грамады, якая прагне “людзьмі звацца”. Наперадзе – сімвалічныя фігуры Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Янкі Купалы. Іх мы пазнаём па вядомых знешніх прыкметах, а таксама газеце “Мужыцкая праўда”, вокладках кніг “Дудка беларуская”, “Лучынка”, “Гусляр”. Пакуль гэта грамада вельмі павольна выходзіць з-за куліс на сярэдзіну сцэны, гучаць галасы вядучых.
1 вядучы:
Было спрадвеку, слова, ты
Крыніцай цудадзейнай сілы,
Што вызваляла з нематы,
Айчыны ніву каласіла.
2 вядучы:
Ты наталяла смяглы рот
І выкрасала ўдар грамовы,
Каб сам сабою стаў народ,
Пачуўшы гукі крэўнай мовы.
(Рыгор Барадулін)
Інсцыніруецца верш Я.Купалы “А хто там ідзе?”.Пытанні гучаць як бы аднекуль здалёк (праз мікрафон, або з магнітафоннага запісу), адказвае грамада, якая выйшла на сцэну. Пасля слоў “людзьмі звацца” з натоўпу выступае юнак, які абліччам нагадвае К.Каліноўскага.
1-ы юнак. Кастусь Каліноўскі. “Пісьмо з-пад шыбеніцы”:
Братцы мае, мужыкі родныя! З-пад шыбеніцы… прыходзіцца мне да вас пісаць і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль згінуць за праўду тваю.
Прымі, народзе, па шчырасці маёй слова прадсмяротнае, бо яно як бы з таго свету, толькі для дабра твайго напісана. Для таго то, народзе, як толькі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду, тагды і ты не заставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную…
(Выходзіць з натоўпу юнак, падобны на Ф.Багушэвіча).
2-гі юнак. Францішак Багушэвіч:
Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй!Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя, “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”.
Я сам калісь думаў, што мова наша – “мужыцкая” мова і толькі таго. Але паздароў божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць, пісаць, з той пары я шмат дзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая.
Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася.
Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але наперш трэба знаць сваю.
Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Ня пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі. (Наперад  выступае дзяўчына, якая сваім выглядам нагадвае Цётку).
Дзяўчына. Цётка. “Вера беларуса”:
Веру, братцы, у нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую агонь у нас – не брыну,
Бачу, братцы, мы не з карт,
Мы не з гіпсу, мы – з камення,
Мы з жалеза, мы – са сталі,
Нас кавалі ў пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць путы!
3-ці юнак. Янка Купала. “Ворагам Беларушчыны”:
чаго вам хочацца, панове?
Які вас паклікаў прымус
Забіць трывогу аб той мове,
Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён не ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
З якім радзіўся, падрастаў.

Эх, кіньце крыўдамі карміцца, -
Кожны народ сам сабе пан;
І беларус можа змясціцца
У сям’і нялічанай славян!
(На сцэну выходзяць скрыпач, выконвае “Вясенні парыў” А.Багатырова. заслона павольна закрываецца.)
1 вядучы:
Мая мужыцкая родная мова,
Ты змагла пастаяць за сябе.
2 вядучы: Ва ўспамінах Валянціна Таўлая чытаем (чытае з кнігі: Таўлай В. пілую вершам краты. Мн., Юнацтва, 1984, с. 82-84 – з абзаца “У семінарыі – цвёрды парадак” і ўключаючы сказ “Я не саромеюся!”).
4-ы чытальнік. 19-гадовы Максім Танк пісаў:
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога, -
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?

Супроць каго рыхтуеце расправы
І шыбеніцы ўзносіце пад хмары,
Штодня арганізуеце аблавы
І ўсіх мабілізуеце жандараў?

Супроць каго рыхтуеце вы змовы
З прадажнымі іюдамі і з богам, -
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога!

(Скрыпач выконвае п’есу “Не зломіце” М.Аладава.)
1 вядучы: Мастацкае слова было грознай зброяй у барацьбе з ладам турмы і шыбеніц, якімі акупанты пакрылі ўсю Заходнюю Беларусь.
2 вядучы: Турэмшчыкі ведалі выбуховую сілу слова, таму нават агрызак алоўка ці лісток паперы яны разглядалі як агнястрэльную зброю, накіраваную ў іх. Вершы часта падшываліся ў справы па абвінавачванню аўтараў у падрыўной рабоце, як самыя грозныя рэчавыя доказы.
3 вядучы:
Праўда, іх судзілі, - не затоіш, -
І шпікі, якога не вазьмі,
Кожны прысягаў на крыж за тое,
Што не вершы гэта – дынаміт.

Пракурор праз кодэкса артыкул
Углядаўся ў кожны мой радок,
Нават пальцам асцярожна тыкаў
І ацэньваў: за радок – гадок.
(Валянцін Таўлай)
1 вядучы. А народ аберагаў свае звычаі, сваю мову, пакепліваў з тых, хто не шанаваў роднага, беларускага.
Узнімаецца заслона. Драмгурток паказвае 2-ю, 3-ю і частку 4-й з’явы другога акта камедыі Я.Купалы “Паўлінка”. Калі ўсе на сцэне спяваюць “Як жа мне не пець, як жа не гудзець?”, заслона апускаецца.
1 вядучы:
Дзіўлюся табе, чалавечае слова!
Дзіўлюся вялікаму мноству твайму.
Ты можаш быць моцным,
Ты можаш быць кволым,
І словам, якім пачынаюць вайну.
(Алесь Вечар)
На сцэну выходзіць скрыпач, выконвае пачатак Другога канцэрта С.Рахманінава.
2 вядучы:
Ёсць словы – тварцы,
Ёсць словы – салдаты,
І словы без сэнсу – адна балбатня,
На свеце існуе слоў вельмі багата,
Але найжахлівей іх слова “вайна”.
(Алесь Вечар)
3 вядучы:
Родным словам мы грознай парою
Гуртавалі рады змагароў,
З родным словам на вуснах герояў
Запякалася алая кроў.
(Ніл Гілевіч)
1 вядучы:
Трэсліся, быццам ад землетрасення,
Гвалтоўныя сейбіты сталі рускай
Ад партызанскага вымаўлення
Грымотнай мовы маёй беларускай.
2 вядучы:
І мінамётамі, і гарматамі
Краіна мая, што ад гневу бурліла,
Па грозных законах ваеннай граматыкі
Чужынцаў скланяла аж да Берліна…
(Пятрусь Макаль)
3 вядучы:
І прымаўка – прымоўка
Біла немцаў лоўка…
Некалькі чалавек як бы спаборнічаюць, успамінаюць прымаўкі часоў Вялікай Айчыннай вайны:
-          Фашысцкаму ваяку наш штык не да смаку.
-          Будзе помніць вораг партызанскі порах.
-          Добрым людзям мір, а шаленцам галавой у вір.
-          Фашысты высока масціліся ды нізка зваліліся.
1 вядучы.
Эх, частушка, ты, частушка,
Слова кожнае – снарад…
Дзяўчаты (пяюць частушкі ваеннага часу):
І пад Мінскам і пад Брэстам,
Ля Вілейкі, ля Свянцян
Не знаходзіць немец месца
Ад удараў партызан.

Дождж ідзе, дождж ідзе,
На вуліцы слізка,
Уцякайце, паліцаі,
Партызаны блізка.

Ходзіць хата, ходзяць сенцы,
Ходзіць лапаць, ходзіць бот.
Як атаву, косіць немцаў
Партызанскі кулямёт.

Разбрахаўся Вільгельм Кубэ:
Беларусь – калонія!
Партызаны міну ў бок –
І ўся цырымонія.

Як ты, Гітлер, не старайся,
Усюды справы твае – “швах”,
Ты Расію не раскусіш,
Бо арэх не па зубах.
5-ы чытальнік расказвае беларускую народную казку “Самае моцнае слова на свеце” (са зборніка “Паэзія барацьбы”. Мн., Навука і тэхніка, 1985, с. 301-302).
1 вядучы: Беларускі народ заўсёды цаніў гаваркое, выразнае, трапнае слова. У ваенны час нават выходзіла “Малая партызанская энцыклапедыя”. Перачытаем асобныя яе артыкулы:
Прайдзісвет – Гітлер, які і свет не пройдзе і назад не вернецца.
Кананада (артыл.) – зводны чырвонаармейскі аркестр. Музыка вельмі, вельмі вясёлая. Мільёны фашыстаў пад гэтую музыку станцавалі на той свет.
Бліц-крыг – маланкавая вайна. Для нямецкіх маланак ёсць добрыя савецкія грамаадводы. Да вайны з Савецкім Саюзам гітлераўцы ведалі толькі, што такое “Бліц-крык”, “Бліц-стоп”, “Бліц-драп” і “Бліц-смерць”.
2 вядучы: Былі ў “Малой партызанскай энцыклапедыі” і жыццёвыя замалёўкі, дыялогі. Такія, напраклад:
Разыходжанне.
Партызан гаворыць таварышу: “Па зямельным пытанні ў мяне з фашыстамі разыходжанне толькі ў адным прыназоўніку: яны хочуць быць на нашай зямлі, а я – каб яны былі ў нашай зямлі”.

1 вядучы:
За чалавечую веліч над зверам
І слова таксама змагалася тут.
Яно палымнела на тварах плакатаў,
Яно вырывалася з крыкам з грудзей,
Яно ганьбавала злачынцаў і катаў,
Яно падымала мільёны людзей.
2 вядучы:
Сабраць, як бы войска, вялікія словы,
Паставіць сцяною насупраць вайны,
Каб сілай сваёю жывыя асновы
Для дружбы народаў стваралі яны.
(Алесь Вечар)
Выходзяць усе, хто быў заняты ў інцэніроўцы “А хто там ідзе?”, да іх далучаюцца селянін, які расказваў казку, скрыпач, вядучыя.
1 вядучы: Нас дзеці і ўнукі паўтораць нанова.
2 вядучы: Народы не спісваюць на пенсію.
Усе (разам):
Ты будзеш звінець, мая родная мова,
Як слова, якое не выкінуць з песні.
(Пятро Макаль)
(Скрыпач выконвае “Песню без слоў” М.Чуркіна. выходзяць астатнія ўдзельнікі кампазіцыі. На фоне музыкі гучаць вершы.)

1-ы чытальнік.
Дзе мой край? Там, дзе вечную песню
пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць
варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх
дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі
Дняпро.

2-гі чытальнік.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць
ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы
карабель…
Там, дзе сэрца маё з першым крокам,
як молат, заб’ецца,
Калі б, нават сляпым і глухім
я прыйшоў да цябе.

3-ці чытальнік.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню
высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт
кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як
мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба – разлівы ільноў.

4-ы чытальнік.
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі
не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо
ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць
дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш
і зломіцца меч.

5-ы чытальнік.
Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі
ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны як радасны сон у стагах
на зары,
А дзяўчыты, як дождж залаты.
А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца
ўгары.

1-ы чытальнік.
Там звіняць неўміручыя песні на
поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова,
булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не
забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні
заглыбяцца змрок


2-гі чытальнік.
Ты – наш край. Ты – чырвоная груша
над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых
фасфарычная раць,
Ты – наш сцяг, што нікому, нікому
на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць
ці мячом зваяваць.
3-ці чытальнік.
Мы клянёмся табе баразной сваёй 
першай на полі
І апошняй раллёй, на якую ўпадзём
у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,

Усе (разам).
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.
(Уладзімір Караткевіч)



СЦЭНАРЫЙ ВЕЧАРА
“Ты будзеш звінець, мая родная мова!”

пятница

Сямейны конкурс, прысвечаны 8 Сакавіка


Сямейны конкурс, прысвечаны 8 Сакавіка

Вядучы:
Добры вечар, дарагія сябры! Вы чуеце, як звіняць звонкія, празрыстыя ручайкі? Вы бачыце, якімі яркімі і пяшчотнымі промнямі сонца азораны лясы? Вы адчуваеце, жыццё пачынаецца спачатку з прыходам вясны. Таму што сакавік-месяц  - зараджэнне гэтага цудоўнага часу года. Гэта не толькі зіхатлівыя, з цукровымі краямі ільдзінкі і серабрыстыя, мяккія коцікі вярбы. Сакавік – гэта пачатак цяпла, прыгажосці, кахання. І таму не выпадкова першае свята вясны – Дзень жанчын. Таму што самае прыгожае, што ёсць у свеце, звязана з вамі, жанчыны. Вам, нашы мілыя, казачныя, дзіўныя, прысвечаем сёняшні вечар і гэтую песню. (Гучыць віншавальная песня)
Ітак, пачынае нашу праграму.
Нашы ўдзельнікі… (мамы і дочкі)
Усе конкурсы будзе ацэньваць наша журы…

Ітак, 1 конкурс “Пазнай сваё дзіця”

Вось малюнкі, на якіх вашы дзеці адлюстравалі вас. Вам неабходна знайсці свой партрэт, і тым самым вы пазнаеце сваё дзіця. (дзеці заранёў малююць партрэты, а затым партрэты перамешваюцца)

2 конкурс “Сняданак”
Вам дадзены прадукты. І вам неабходна прыдумаць, як мага больш страў на сняданак з гэтых прадуктаў (яйко, соль, мука, малако, смятана, чай, батон, масла, сыр). (даецца 5 хвілін)

Слова журы.
(Віншавальная песня)

3 конкурс “Паядынак кампліментаў”
А зараз заданні дзецям. Вам вельмі спадабаўся сняданак, і вы вельмі любіце сваю маму, таму, вы павінны па чарзе сказаць, як мага больш кампліментаў маме.

4 конкурс “Павесь бялізну”
Як заўсёды пасля таго, як дзеці ідуць у школу, у матулі пачынаецца надзённая праца. Напрыклад: мыццё бялізны. Вам трэба павесіць бялізну. Хто хутчэй. (бялізна намаляваная)

Слова журы
(Віншавальная песня)

5 конкурс “Венікбол”
Неабходна з дапамогай веніка правесці паветраны шарык спачатку ў адзін бок, а затым назад. Спачатку мамы, затым – дочкі.
6 конкурс “Акцёрскага майстэрства”
Трэба зрабіць шарж на артыста

Слова журы
(Віншавальная песня)

7 конкурс “Ну-ка, збяры”
Уявіце, што вашага мужа накіравалі ў камандзіроўку. Вам неабходна сабраць яго ў дарогу (3 хвіліны). (напісаць)
8 конкурс “Ты мне – я табе”
Дачка спявае маме, а мама ў адказ калыханку.


Слова журы
(Віншавальная песня)
9 конкурс “спяваем разам”

Удзельнікам раздаюцца словы песні (напрыклад “Антошка”, “Гаспадынька елачка” і г.д.). Пачынаюць спяваць разам з магнітафонам, затым у магнітафоне ўбіраецца гук, і словы на касеце павінны супадаць са словамі ўдзельнікаў. Так каманды спяваюць па чарзе.

10 конкурс “”Казка”
Вось, напрыклад, вечар, дзецям трэба класціся спаць і незалежна ад таго, дарослыя яны ці малыя, усе дзеці любяць казкі перад сном. Вам трэба расказаць на новы лад. Вам неабходна змяніць канцоўку казкі. (5 хвілін)

Журы падводзяць вынікі.

З нябес паўночных падае зорка,
І птушкі адлятаюць у край далёкі,
Але з вамі застаецца назаўсёды
Свет матчын, прыгожы і высокі.
Ад сэрца да сэрца, ад мэты да мэты
Свет жанчыны працягне шлях нябачны.
Адчынены толькі вечнай дабрыні.
І праўдзе, і каханню непаўторнаму.
Сапраўды бессмяротныя словы:
Не кружыцца ад шчасця галава.
Не будзе ні героя. Ні паэта.
Ззяюць росы, таюць аблокі,
Прыходзіць новы дзень звычайны.
І свеціцца сусвет, пакуль
Свет жанчыны разліты па сусвету.


На гэтым наша праграма заканчваецца.
Дзякуй усім за ўдзел.


Сямейны конкурс, прысвечаны 8 Сакавіка

воскресенье

Сцэнар Дзень Маці


Сцэнар Дзень Маці






(Запрашаюцца маці вучняў)

На сцэне плакаты.

Маці – пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея,
будучае народа, падтрымка ў горы і радасці.
С.Грахоўскі

Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаў толькі адну зорку –
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні.
Святло якой
Вечна струменіць.
М.Танк

1 вядучы: Добры дзень!
2 вядучы: Добры дзень!
1 вядучы: Як добра і справядліва, што 14 кастрычніка зацверждана ў нашай краіне як Дзень Маці. Народная мудрасць сцвярджае: “Бацька фармуе розум, а маці лашчыць цела, душу”. І гэта сапраўды так. Мужчына імкнецца прадоўжыць сябе ў справах сваіх рук і розуму, у імені і прозвішчы дзіцяці, а жанчына дае жыццё новаму чалавеку, вучыць адрозніваць дабро ад зла. Ад маці мы атрымліваем першыя ўрокі.
2 вядучы: Маці – найлепшае і найцудоўнейшае з усяго, што створана калі-небудзь прыродай.
1 вядучы: Маці – гэта дом, адкуль мы выйшлі. Маці – гэта цяпло і спакой.
2 вядучы: Вось чаму дзень 14 кастрычніка па прыкладу многіх краін свету ў 1996 годзе ўведзены і ў Беларусі ў ранг асаблівых.
1 вядучы: Дзень Маці супадае з вялікім народным святам Пакроваў. Паводле тлумачэнняў праваслаўнай царквы, Пакровы – пакрывала Божай маці, якая абараніла людзей ад бяды…
2 вядучы: Нашы маці гатовы ратаваць нас ад любога няшчасця, засланіць сваімі грудзьмі, каб толькі з намі нічога не здарылася.
1 вядучы: Адразу прыгадваецца старадаўняя прыпавесць пра юнака, які па загаду сваёй няўмольнай каханкі прынёс ёй у ахвяру матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, моцна выцяўся аб камень і застагнаў. “Ой, табе ж баліць, сынок?! Ідзі цішэй, дзіцятка”, - азвалася матчына сэрца.
Верш:
Усё, што маю,
Усё ад маці –
Усмешка,
Першы боль да слёз,
І асцярожны крок
Па хаце,
І мой круты,
Няроўны лёс.
Ад маці –
Першыя барозны
На гэтай любае зямлі,
І вочы ясныя,
Як вёсны,
І на далонях
Мазалі.
Ад маці
Уся мая навука,
А ўсё астатняе –
Пасля.
Ад маці –
Радасці і мука,
А маці –
Родная зямля.
С.Грахоўскі “Усё ад маці”

Ніл Гілевіч “Маці”
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй “Са святам!”
І цалую знаёмыя родныя вусны,
І бяру пад руку,
І іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б’е
Дух гарачы капусны.

Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем
І схілюся да сэрца…
А трэба б упасці
Перад ёю-нядужай, сівой –
На калені.

Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
Але, усё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі…

Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі ўвечар.
Матуліны рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш
Ты насіла велізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам…
А цяпер ёй –
Адно б на сынка наглядзецца…
Жаль і горыч, і боль
Мне душу працінае!
Як жа позна,
Як позна, любімыя дзеці –
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем…

Верш “Маці”
Цераз вокны ў хату
Месяц пазірае,
Спіць уся сямейка,
Ноч адпачывае.

Толькі наша маці
Шые, вышывае,
Калыханку сыну
Ціхенька спявае

-          Спі, сыночак, родны,
Лю-лі, лю-лі, лю-лі
Пад страхой усе птушкі
Ужо даўно паснулі.
І ручнік на шчасце
Вышые сыночку.
З песняй ля калыскі
Прасядзіць усю ночку.
(На сцэне сядзіць дзяўчынка з лялькай у руках.
Яна ціхенька спявае калыханку).

Мой сыночак нагуляўся
Ды на ложак спаць паклаўся.
Спі, сыночак, засынай
Ды вялікі вырастай.

Наша мушка-залатушка
Да сыночка прыляцела,
У куточку ціха села.
Яна бзумкала-спявала,
На Алёшку пазірала,
Каб ляжаў ён ціха-ціха,
Каб не ведаў хлопчык ліха.

Два каточка тут гуляюць
І сыночка забаўляюць,
Вы, каточкі, ціха будзьце.
Мой сыночак будзе спаць,
А я буду калыхаць.

Зоркі з неба пазіраюць,
Малых дзетак забаўляюць.
Добры месяц срэбрабокі
Захаваўся за аблокі.
Трэба ўсім адпачываць.
Спаць, спаць, спаць…

1 вядучы:
раней усіх яна ўстае,
пазней за ўсіх кладзецца.
Яна жыве, яна пяе, -
І дзецям лепш пяецца.

2 вядучы:
Ты не шкадуй ласкавых слоў
для роднай маці, для адзінай,
адказвай маці на любоў –
будзь верным, добрым сынам!
(На сцэну запрашаюцца вучні і іх маці. Дзеці, ставячы ступню на ступень, павінны дайсці кожны да сваёй маці, гаворачы пры гэтым ёй ласкавыя словы. Пераможа той, хто першы дойдзе да сваёй маці).
1 вядучы: Ніхто цябе так не шкадуе і не любіць так, як маці.
2 вядучы: Ніхто так горка не тужыць па табе ў адзіноце, як маці.
1 вядучы: Ніхто не ўмее так чакаць, як яна. Ніхто, як маці, не радуецца, нават, самым маленькім радасцям дзяцей сваіх.
2 вядучы: Ніхто не ўмее цярпець і дараваць так, як маці.
1 вядучы: Верш “Маці”.
Вецер свішча за цёмным акном.
Ціха, ціха ў хаце.
Ля іконы стаіць перад сном
Мая добрая маці.

Аб чым, ведаю, молішся ты –
За дзяцей і за ўнукаў.
У акно, бы вандроўнік чужы,
Вецер ціха пастукаў.

Замарылася. Цяжка адной
Упраўляцца па дому.
Думкі светлыя мрояцца ёй,
Адганяючы стому.

Вецер свішча за цёмным акном.
Ціхі-ціха ў хаце.
Ля іконы стаіць перад сном
Мая добрая маці.
(Адказы на пытанні).

2 вядучы: А цяпер паслухайце легенду пра маці. Думаю, што для многіх яна будзе павучальнай. Даўным-даўно на беразе Чорнага мора жылі людзі. Яны аралі зямлю, пасвілі скаціну і палявалі на дзікіх звяроў. Восенню, калі скончваліся палявыя работы, людзі выходзілі на бераг мора і ладзілі вясёлыя святы, спявалі, танцавалі ля вогнішча, бавілі час у гульнях, якія скончваліся кіданнем стрэлаў шчасця. Калі юнак хацеў стаць паляўнічым, ён пускаў стралу ў бок лесу, калі пастухом – у бок стэпаў, калі ж аратым – у бок поля. Глядзець на гэтыя гульні выходзіў сам цар Нептун. Кожны раз, гледзячы на гульні, ён усміхаўся і казаў:
- Як людзі не выхваляюцца сваёй сілай, а мяне ўсё ж баяцца. Ніхто з іх не адважыўся пусціць стралу ў бок маіх уладанняў. Аднойчы выйшлі да вогнішча юнакі, раптам павярнуліся ў бок мора і ўсе, як адзін, пусцілі стрэлы. Нептун прыйшоў у шаленства.
- Я ўсіх вас пахаваю ў безданні марской! – закрычаў ён. Жанчыны задумаліся, марскі цар на самой справе можа пахаваць іх у моры. Думалі яны, думалі і вырашылі аддаць усю сваю сілу сынам. Юнакі, узяўшы мацярынскую сілу, падышлі да самага берага мора. Каб не пусціць іх да вады, Нептун узяў вялікія хвалі, але хлопцы не пабеглі назад. Затое пасля гэтага іх маці сталі слабымі.
1 вядучы: Вы бачылі калі-небудзь слабых жанчын? Калі сустракаеце, ведайце: гэтыя жанчыны аддалі сваю сілу дзецям.
Калі Нептун убачыў, што юнакі не адступілі, ён дзіка рассмяяўся і злосна закрычаў жанчынам:
-          Няхай сабе вашыя сыны выстаялі супраць мяне тут на беразе, але ў моры я парву ім рукі.
Жанчыны зноў задумаліся. Так, і гэта марскі цар зрабіць можа, у яго моцныя жылы. Пакуль яны думалі, на паверхню выплылі дочкі Нептуна. Яны, як і іх бацька былі вельмі непрыгожыя, і таму папрасілі:
- Жанчыны, аддайце нам сваю прыгажосць, а мы дастанем з дна мора моцнай травы, спляцем з яе жылы для вашых сыноў, і рукі іх будуць такія ж моцныя, як у нашага марскога бацькі.
Жанчыны адразу пагадзіліся і аддалі дочкам марскога цара сваю прыгажосць.
2 вядучы: Калі вы ўбачыце дзе-небудзь непрыгожую жанчыну, гэта яна ахвяравала сваім хараством дзеля дзяцей.
1 вядучы: Цар Нептун даведаўся аб гэтым, што зрабілі яго дочкі і разгневаўся, выкінуў іх з мора і ператварыў у чаек.
2 вядучы: Вы чулі, як чайкі плачуць над морам? Гэта яны просяцца дахаты, але жорсткі бацька не пускае іх назад і нават не глядзіць на іх.
1 вядучы: Затое маракі заўсёды глядзяць і наглядзецца не могуць на чаек, таму, што яны носяць прыгажосць іх маці.
2 вядучы: Юнакі, адчуўшы моц у руках і плячах, нарэшце выйшлі ў мора. Выйшлі і прапалі. Чакаюць іх маці, чакаюць – не вяртаюцца сыны. Паявіўся зноў перад жанчынамі Нептун і засмяяўся так, што ад яго смеху нават хвалі захадзілі на моры.
- Не дачакацца вам цяпер сваіх сыноў! – рагатаў ён – яны ж блукаюць. Вы забыліся, што на моры няма ні дарог, ні сцяжынак. І ён зноў зайшоўся ў страшным смеху.
1 вядучы: Тады жанчыны ўсклікнулі:
- Няхай будзе ў нашых вачах менш святла, але няхай над нашай зямлёй яшчэ ярчэй гараць зоркі, каб нашы сыны знайшлі па іх дарогу да родных берагоў.
Толькі яны так сказалі, і ў небе адразу ярка-ярка заблішчэлі зоркі. Юнакі ўбачылі іх і хутка вярнуліся дадому.
2 вядучы: Вось чаму маракі моцныя і непераможныя. Маці аддалі ім усё лепшае, што мелі.

Верш “Маці”.
Кажуць мне, падобны на цябе я.
Усмешка, як твая, пагляд вачэй.
Колькі ж, мама, з добраю надзеяй
З-за мяне не спала ты начэй?
Ростам я з табой амаль зраўняўся,
Ці ж магу я сэрцам дарасці?
Каб як ты, я праўды не баяўся,
Каб як ты, жыццём сваім ісці?

(Усе дзеляцца на дзве каманды, паміж якімі праводзіцца конкурс: Хто больш ведае вершаў і песняў пра маці).

Сцэнка адбываецца на аўтобусным прыпынку. Жанчына з пустымі кошыкамі. Мужчына з пустым мехам і бутэлькай.
Мужчына: (да суседкі, што сядзіць справа) Ну што, цётка, усё прадала, што прывозіла? Бачу, што ўсё, бо кошык пусты. Во ўсе цяпер у гандаль кінуліся. Нават старыя. Камерсанты. Ха-ха-ха!
(Жанчына моўчкі адварочваецца ад яго).
Мужчына: (звяртаецца да суседкі) Вось ты мне скажы, цётка. Возіце, возіце на гэты рынак усё, гандлюеце. А навошта вам тыя грошы? Навошта, га? Колькі ж вам трэба? Дык не! Усё цягнеце! Добра, калі якая разумнейшая, ды хоць дзецям аддае, а то ж ёсць і такія, што абцугамі з іх “зайца” не вырвеш. Вось я хачу табе сказаць… (жанчына перасядае на лаўку. Прыходзіць бабулька).
Мужчына: Здароў, маці!
Бабулька: Здароў, сынок!
Мужчына: У гасцях была?
Бабулька: Адгадаў, у дачкі.
Мужчына: Пачаставала дачка? Паўлітэрку паставіла?
Бабулька: не мой гэта клопат – паўлітэрка. Унучкоў панянчыла.
Мужчына: Яно так. І мая маці не п’е. а цяпер куды едзеш?
Бабулька: Дамоў. Да сына.
Мужчына: Так ужо і не выпіла ні колечкі? А я таксама ў госці еду. Да маці.
Бабулька: Дай Божа ёй здароўя.
Мужчына: Яна ў мяне харошая старая, я люблю сваю матулю. Часцяком наведваю яе. Не забываю.
Бабулька: Адна жыве?
Мужчына: Ёй і адной неблага. У яе агарод, парсюк. У тую нядзелю быў, памог кабанчыка асвяжаваць. У яе сала пакінуў. Не пакрыўдзіцца. А цяпер гасцінец вязу (лапае па кішэні з бутэлькай).
Бабулька: (не разабраўшыся) Добра, што гасцінец вязеш. На маці нельга забывацца.
Мужчына: Я і не забываюся. Кожны выхадны еду. А дапамагаць ёй няма патрэбы – свая бульба расце. Увосень накапала, і мне мяхоў пяць перападзе. А то купляў бы на рынку. Харошая ў мяне матуля! Вось толькі слабенькая зусім стала. Самой цяжка з агародам упраўляцца. Суседзяў просіць дапамагаць.
Бабулька: А сам дапамагаеш?
Мужчына: А як жа! Кабанчыка вось у тую нядзелю асвяжаваў… Ёй увага дарагая, а не там якія грошы. Грошы для яе не галоўнае. Яна іх у мяне не просіць. І даў бы, але ведаю – не возьме. У суседзяў пазычыць, а ў мяне не просіць. Зараз прыеду, сяду з мамачкай за стол, пагаворым, вып’ем. Вось толькі шкада, не п’е яна.
Жанчына: А чаму яе да сябе не ўзяць? (пытае жанчына, што перасела)
Мужчына: А што ёй рабіць у горадзе? Яна ж прывыкла ўсё жыццё працаваць? А потым хто ж агарод даглядзіць, хто парсючка згадуе? (памаўчаўшы) І не хачу, каб мая яе крыўдзіла. Нявесткі і свякрухі заўсёды не ладзяць. Не, няхай мая маці лепш сама будзе гаспадыняю. Вось заеду зараз. О то маці будзе рада! Агуркоў мне навыбірала зялёненькіх на засол… Сядзем за стол, пагаворым.
Жанчына: А вось і аўтобус наш!
1 вядучы: Ну што, пазналі ў галоўным героі каго-небудзь са сваіх знаёмых, сваякоў, суседзяў? На жаль, такіх клапатлівых сыноў і дачок многа. Але ж памятайце, што маці сагравала нас сваім сэрцам. Яна адкрывала нам гэты дзівосны свет. Бяссоннымі начамі люляла і песціла, суровым поглядам гартавала душу. Не шкадавала сіл сваіх, сілу давала нам. Бо яна – Маці!
2 вядучы: невычэрпаны сэнс гэтага адзінага слова, зразумелага, бадай, на ўсіх мовах свету. У ім і ласка, і шчымлівы боль, і любоў, і надзея.
1 вядучы: Калі нам бывае вельмі балюча, з глыбіні душы вырываецца енк: “Ма-ма”, і адразу, здаецца, адразу стане лягчэй. Так было ў маленстве, так будзе заўсёды.
2 вядучы: А цяпер паслухаем, што і як пішуць пра сваіх матуль вучні нашай школы.
(Зачытваюцца сачыненні вучняў).


Сцэнар Дзень Маці

Цэтлікі блога для настаўнікаў

спампаваць бясплатна (78) школа (68) настаўнік (67) сцэнарыі (63) сцэнары (61) бясплатна (39) распрацоўка свята (29) канспект (16) вершы (15) свята (14) план (11) 1 верасня (10) каляндарна-тэматычнае планаванне (10) дзень ведаў (9) распрацоўкі урокаў (9) урок (9) Першы званок (8) беларуская літаратура (8) апошні званок (7) беларусь (6) выпускны вечар (6) вучань (5) каляндарныя планы (5) сцэнар вечара школы (5) тэматычныя планы (5) школьны сцэнар (5) 8 САКАВІКА (4) новы год (4) ранішнік (4) 14 лютага (3) Дзень Закаханых (3) Дзень настаўніка (3) Навагодні сцэнар (3) вечар адпачынку (3) сцэнар выпускнога балю (3) характарыстыка (3) 11 клас (2) 5 клас (2) 7 клас (2) вячоркі (2) дзень святога Валянціна (2) канспекты (2) масленіца (2) пераробленыя песні (2) фізіка (2) 10 клас (1) 6 клас (1) 8 клас (1) 9 клас (1) Гасцёўня (1) Міжнародны жаночы дзень (1) Шчаслівы выпадак (1) беларуская мова (1) біялогія (1) вечара сустрэчы выпускнікоў (1) восеньскі баль (1) геаграфія (1) дзень маці (1) дзяды (1) залатая восень (1) заняткі гуртка (1) калядкі (1) матэматыка (1) навучальныя класы (1) паседжання (1) песні (1) распрацоўка (1) свята павука (1) інфарматыка (1)