“А мой тата лепш за ўсіх”
Вядучы: Добры вечар, паважаныя таты і мамы, бабулі і дзядулі, дарагія дзеці! Добры вечар усім, хто прыйшоў да нас на ранішнік, каб павіншаваць нашых дарагіх мужчын з надыходзячым святам – днём Абаронцаў Айчыны. Мы жадаем Вам моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту. А зараз – слова нашым дзецям.
1 дзіця:
Мы, дзеці сваёй беларускай зямлі,
мы з думкай аб міры і шчасці ўзраслі.
2 дзіця:
Мы хочам зямлю даглядаць, засяваць,
Мы хочам свае гарады будаваць.
3 дзіця:
Мы хочам, каб кожны ў радасці жыў,
Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў.
4 дзіця:
Мы клічам па свеце з’яднацца сяброў,
Каб полымя бойні не ўспыхнула зноў.
(гучыць песня “Лучше папы друга нет”) (дзеці дораць татам падарункі)
Вядучы: Паважаныя дарослыя! Адкажыце, калі ласка, што бывае прыемней за дружны, вясёлы смех вашых дзяцей? Хіба ж толькі тое адчуванне шчасця і радасці, калі мы смяемся разам з імі. Як вы думаеце, чым у вольны час любяць займацца вашы дзеці? Давайце запытаем у іх саміх. (Гуляць).
А з кім вы любіце гуляць? (Адказы дзяцей).
А з мамамі і татамі любіце гуляць? Калі так, дык давайце пагуляем. Спачатку правядзем невялічкую размінку. Калі я пакажу блакітны флажок – пляскайце ў далоні, зялёны – танцуйце, жоўты – маўчыце, чырвоны – крычыце.
Дарослыя і дзеці, усе разам, калі ласка. (Ідзе гульня).
Вядучы: Малайцы! А цяпер гульня – “Зайчык-скачок”. Спачатку спаборнічаюць хлопчыкі. Неабходна зрабіць па 5 скачкоў з месца, затым таты – па 3. Хто далей усіх праскача, той і пераможца.
(Хлопчыкі разам з татамі спаборнічаюць).
Вядучы: Вось мы і выявілі першых пераможцаў. Я хачу звярнуць вашу ўвагу вось на гэты незвычайны куфэрак. Гэты чароўны куфэрак з сюрпрызам. Ён будзе вандраваць ад аднаго століка да другога, ад адной сям’і да другой, а адкрыць яго і даведацца, што там знаходзіцца, зможа толькі той, хто пераможа. Каб усё было аб’ектыўна, я прапаную выбраць журы, якое будзе нам дапамагаць. (выбіраецца журы) Загадчык дз/сада, выхавацель.
Вядучы: Як дзеці, так і дарослыя любяць адгадваць загадкі.
Спачатку для дзяцей:
1. Адгадай, сынок, загадку:
што за месцейка за хаткай,
дзе ўвіхаецца бабуля?
Родзяць там гарох, цыбуля,
кроп і морква з году ў год.
Гэта месца…(агарод).
2. Вы мне адкажыце,
ці бачылі ў жыце,
ці ў полі кветку?
Усміхаецца здалёк,
Гэта кветка…(васілёк).
3. Груд зямліцы разваліўся,
з-пад ігліцы хто з’явіўся?
Ад дожджыку, ад сонейка
пакрыўся парасонікам…(грыб)
4. Федзя, Том і Міша Драч
за сялом ганялі мяч.
Пас паслалі – вось і гол,
а гулялі…(у футбол).
5. У печы нараджаецца,
а ў неба не спяшаецца…(дым).
6. Спіць зімою да вясны
соладка жыхар лясны.
Сніць не снег і не лёд,
А духмяны, смачны мёд…(мядзведзь)
7. Усіх нас корміць, сама есці не пытае…(зямля).
8. Без крылаў, а ляціць, без языка, а гаворыць… (пісьмо).
А цяпер загадкі для дарослых:
1. Летам я рагатая, восенню хвастатая!
Хоць і горкая зусім, ды патрэбная ўсім. (цыбуля)
2. Каля плота расце, дакранешся – апячэ. (крапіва)
3. На тонейкай ножцы стаіць,
Сонейкам на неба глядзіць. (сланечнік)
4. Маю тонкі, востры нос,
каляровы доўгі хвост,
спрытна я ў руках мільгаю,
носікам свой шлях шукаю. (іголка)
5. У кожным доме, ёсць на дачы, -
на стале, ці на сцяне.
Яно кожнага з нас бачыць,
А сябе – ніколі, не. (люстэрка)
6. Мяне з доміка бяруць,
галавой аб сцену труць,
я заўсёды раззлуюся
і адразу запалюся. (запалкі)
7. Вось загадка невялічка:
Ходзіць брацік і сястрычка.
Яна міргае штораз,
Брат грукоча ў адказ. (маланка і гром)
8. Языка не мае, а крычыць, гукае.
Хоць і гулкае яно, ды ніколі не відно. (рэха)
9. Хвалюе водарам, красою,
Але не проста ўзяць рукою,
Галава пахучая, тулава калючае. (ружа)
Вядучы: А цяпер гульня для дзяцей. Называецца яна “Будзь уважлівы”. Хутчэй, дзеці, усе да мяне. Слухайце правіла гульні. Ці ведаеце вы звычкі жывёл, птушак? Уявіце сабе, што зараз вы не дзеткі, а зайчыкі. (Дзеці скачуць, як зайчыкі). Малайцы! А цяпер будзьце ўважлівыя. Я буду называць, каго вам патрэбна паказаць:
- коні – рухаюцца скокамі (галопам)
- птушкі – лятаюць,
- ракі – поўзаюць,
- буслы – стаяць на адной назе,
- жабкі – скачуць
Вядучы: Дарагія дзеці, мы ведаем, што вы любіце цукеркі. Хутчэй сядайце на свае месцы, таму што ў наступнай гульні вашы таты і мамы паспрабуюць вас пачаставаць цукеркамі. Зрабіць ім гэта будзе не проста, бо вочы ў іх будуць завязаны хустачкай, а цукеркі павешаны на нітачцы.
Паважаныя дарослыя, вы павінны з завязанымі вачыма зрэзаць цукерку, знайсці яе на падлозе, раскруціць і пакласці ў рот свайму дзіцяці, не развязваючы вачэй. Каб вам дапамагчы, ваш сын, або дачка будуць клікаць вас, седзячы за сталом з месца. (Ідзе гульня).
Вядучы: Ці заўважылі вы, паважаныя дарослыя, якая цікавая мова нашых дзяцей? (З жыцця дзяцей у садку).
А зараз конкурс “Што б гэта значыла?”.
Вы павінны растлумачыць дзіцячыя выразы.
- павукан – павук і таракан,
- піджакет – піджак і жакет,
- падхаліза – падхалім і падліза,
- валасетка – сетка для валасоў,
- маркар – мора і якар.
(Слова журы, куфэрак ставіцца на столік самай актыўнай сям’і)
Вядучы: У наступнай гульні будуць удзельнічаць зноў дзеці і дарослыя.
За адну хвілінку вы павінны завязаць як мага больш вузельчыкаў.
(песня)
Вядучы: А зараз мы праверым, ці па-сапраўдныму дружныя сем’і ў нас у гасцях. Мамы, вы першымі атрымаеце заданне. Раскажыце, калі ласка пра вашу сям’ю. У каго цікавей атрымаецца. (журы ацэньвае конкурс).
Вядучы: Таты, будзьце ўважлівымі, наступнае заданне для вас. Трэба расказаць які-небудзь гумарыстычны кур’ёзны выпадак, які адбыўся з вамі, ці з вашай сям’ёй. (расказы татаў. Слова журы).
Вядучы: А цяпер заданне дзецям. Нам усім цікава ведаць пра вашы хатнія абавязкі: чым займаецеся дома, што робяць тата і мама, і каму вам больш падабаецца дапамагаць: тату ці маме. (дзеці расказваюць, журы ацэньвае расказы дзяцей, вызначае лепшы).
Вядучы: Цяпер мы бачым, якія ў вас дружныя сем’і, і рады гэтаму. Нават захацелася завітаць да вас на шклянку чаю.
Ну і апошні наш конкурс – на лепшую выпечку. Дзеці выносяць хатнія выпечкі і называюць яе назву, і хто згатаваў.
(Журы падводзіць вынікі. Уручае прызы).
Вядучы: А цяпер давайце пачастуемся чаем з выпечкай. Яшчэ раз са святам вас, дарагія мужчыны. (Гучыць музыка, усе частуюцца чаем з выпечкай. Дзеці разам з дарослымі танцуюць і весяляцца).
“А мой тата лепш за ўсіх”