Цэтлікі блога для настаўнікаў

Рэклама

Дадайце наш блог у свае сацыяльныя сеткі

Папулярныя паведамлення

пятница

Жыве ў вяках беларускае слова -


Жыве ў вяках
беларускае слова


Запрашаем на вячоркі

Дэкарацыя залы нагадвае ўнутраны інтэр’ер сялянскай хаты пачатку 20-га стагоддзя. На сценах даматканыя посцілкі, ручнікі, упрыгожаныя беларускімі нацыянальнымі ўзорамі. Уздоўж сцен стаяць доўгія лавы, накрытыя налаўнікамі, у кутку – стол, дзе-нідзе расстаўлены прадметы хатняга ўжытку (дзяжа, ступа, вяртушка, маслабойка, калаўротак, ночвы, прасніца, апалушкі), вырабы народных промыслаў. “Гаспадары хаты” рыхтуюцца да сустрэчы гасцей: канчаюць прыбіраць у хаце, расстаўляюць на стале няхітрыя пачастункі ў гліняным посудзе, апранаюць святочную вопратку.

Гаспадыня. Нешта доўга затрымліваюцца вячоркі. Ужо сонца за лес зайшло, і жанчынам час было б закончыць свае хатнія справы.
Дачка (паглядзеўшы ў акно). Вунь дзяўчаты збіраюцца на вуліцы ў гурт, пэўна, кагосьці чакаюць.
Гаспадар. Вечна вам, жанчынам, няймецца, паспееце яшчэ языкамі пачасаць ды абцасы на скоках паадбіваць.
(Уваходзяць госці, шумна вітаюцца).
1-ы. Добры вечар у хату!
2-гі. Добрага здароўя, шаноўныя гаспадары!
3-ці. Ці рады вы нам?!
(Гаспадары адказваюць на прывітанні, рассаджваюць гасцей).
Гаспадар. Давайце сёння, шаноўныя вячорнікі, павядзём гутарку пра нашу родную мову.
Юнак. Родная мова! За гэтымі словамі гісторыя беларускага народа, шматпакутная і гераічная, гісторыя нашай культуры.
Дзяўчына.
Шмат пачуць давялося моў,
Шмат шукала для сэрца слоў.
Толькі лепшых не чула нідзе,
Чым матуліны “Добры дзень”.
Радасць стрэчы слязой прабяжыць,..
Хіба многа – для гэтага жыць,
Хіба многа вярнуцца зноў
Дзеля гэтых няхітрых слоў.
Юнак. Ці пачуў бы я покліч жыцця ў пошуме дрэў, у птушыным шматгалоссі, калі б не знітавала мяне з жыццём матчына песня?
Дзяўчына. Ці зразумела б я мову прыроды, мову наваколля, калі б мне не дала сваю мову маці?
Дзяўчаты:
1.      Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе называлі “мужыцкаю мовай”,
А нам жа ты матчынай мовай была.

2.      Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.

3.      О, матчына мова! Маленства вясна.
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці на свеце адна.

Гаспадыня. А колькі шмат прыгожых песень ёсць на нашай роднай беларускай мове! можа б вы паспявалі якую з іх?
(Усе выконваюць песню на словы К.Буйло “Люблю наш край”).
Юнакі.
1.      Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет;
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет.

2.      Была яна не беларучкай
І на жніве, і на сяўбе;
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы шле яе.

3.      З такою моваю не сорам
І да суседзяў, хоць на Марс.
З любым народам мы гаворым,
І людзі разумеюць нас.
(Уваходзяць дзве дзяўчыны, што спазніліся на вячоркі, з іх патрабуецца выкуп – песня. Яны выконваюць беларускія прыпеўкі).

-          Каму Вася, проста Вася,
А мне Васечка,
Каму Вася не харошы
А мне красачка.

-          Што за я, што за я,
Што за масцярыца,
Шыла міламу штаны
Выйшла рукавіца.

-          Ох, у Лідзе на базары
Хлопцы прадаюцца:
На капейку 40 штук
І то задаюцца.

-          Як на печы пры лучыне
Дзеўкі грошы падлічылі,
Налічылі паўталера
І купілі кавалера.

-          Гарманіст, гарманіст,
Ружовыя шчочкі,
З-за цябе, гарманіст,
Не даспала ночкі.

-          Не журы мяне, матуля,
Што я намачылася,
На дзіравенькім масточку
Танцаваць вучылася.

Гаспадар. А што адно слова не скажа, то песня ўдакладніць. Чуў я нашы беларускія песні і ў Расіі, і на Украіне, і ў Польшчы. Ведаюць там і пра нашага Яся, што касіў канюшыну, і пра Ульяніцу, што вырошчвала валакністы лянок, і пра няшчасную маці – перапёлачку. Можа б праспявалі, шаноўныя вячорнікі, адну з вядомых беларускіх песень?
Дзяўчына. Давайце спяём беларускую народную песню “Цячэ вада ў ярок”
(Усе вячорнікі і госці пяюць названую песню).
Юнак. Дзядзька кажа, што чуў нашы песні далёка за межамі Беларусі. А таксама не лыкам шытыя, прыслухоўваемся да той мовы, на якой размаўляюць суседзі. З радасцю пяём украінскую песню “Нясе Галя воду”, ведаем шмат рускіх песень і вершаў польскіх.
1 дзяўчына. А хочаце, я прачытаю верш на польскай мове? (чытае верш на польскай мове, а затым робаць яго кароткі пераклад на беларускую).
2 дзяўчына. І я таксама ведаю не адзін верш на польскай мове. (чытае і перакладае).
3 дзяўчына. Нешта ногі самі скакаць просяцца. А ну, музыканцік, сыграй танец “Бульба”. (Некалькі хлопцаў і дзяўчат становяцца ў пары і скачуць “Бульбу” – беларускі народны танец).
Юнак. А можа, хто ведае беларускія прыказкі і прымаўкі, напрыклад, аб шчасці, аб каханні. (Вячорнікі і госці называюць народныя выслоўі па названай тэме).
-          Горка рэдзька – усе ядуць,
Дрэнна замужам – усе ідуць.

-          Дзе шкло б’ецца, там шчасце вядзецца.
-          Кветкі цягнуцца да сонца, а чалавек да шчасця.
-          Шчасце за грошы не купіш.
-          Кахання і кашлю не схаваеш.
-          Дзе шчасце, там і радасць.
-          Рыбка ў рацэ, а шчасце ў руцэ.
-          Удача і бяда не прыходзіць адна.
-          Еш з голаду, а любі з моладу.
-          На чужым горы свайго шчасця не пабудуеш.
-          Шчасце не конь, у аглоблі не ўпражэш.
Гаспадар. Аб каханні вы добра гаворыце, а вось якія прыказкі аб працы ды працавітых людзях вам вядомы, бо найбольш любяць працавітага ды здатнага.
Дзяўчына.  А вось слухайце (прысутныя па чарзе называюць некалькі прыказак аб працы).
-          У яго мігрэнь, есці ахвота, а працаваць лень.
-          Гаспадарку весці, - не барадой трэсці.
-          Дзе гаспадар за плугам ходзіць, там зямля родзіць.
-          Працуй да поту, паясі ў ахвоту.
-          Ногі носяць, а рукі кормяць.
-          У добрай гаспадыні і певень штодня яечка нясе.
(Адна з дзяўчат зацягвае песню “Чаму ж мне не пець?”, усе яе падхопліваюць).
Дзяўчына. Паслухайце, якімі словамі выразіў свой клопат аб чысціні мовы наш сучаснік, паэт Ніл Гілевіч:
Ах, валошка, валошка,
Сястрыца рамонка!
Зноў вы побач на ўцеху
Душы зацвілі.
Як жа ў вашых імёнах
Пяшчотна і звонка
Мова маці гучыць, -
Голас роднай зямлі!
1 юнак.
Ах, валошка, рамонка,
Не дажыць бы да мукі,
Каб зракліся імён вы,
Што маці дала,
Каб, убачыўшы вас,
Гаварылі мне ўнукі:
“Глянь, вунь побач з Артурам
Ірэн зацвіла”.
2 юнак. І што ж? Хіба гэта людзі забаўляліся? Абы слоў больш? Ні, брат, людзі казалі – вучылі. Вучылі, праўда, проста.
(Хлопцы гавораць па чарзе).
-          Пераступіў парог, то здымі шапку, бо думаць будуць, што пад шапкаю вераб’ёў хаваеш.
-          Не разбуры ластаўчына гняздзечка, бо рабы станеш, бо рабаценне абсядзе твар.
-          Не свішчы ў хаце, бо запустуе хата.
1 дзяўчына. Шчырых, выразных, гаворкіх слоў надзвычай многа ў беларускай мове. і трэба толькі адчуць іх сэрцам і навучыцца правільна выкарыстоўваць
2 дзяўчына.
У нас сваіх хапае слоў,
Крамяных, росных, васільковых,
Ад мурагоў і да лугоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
У нас хапае слоў сваіх,
Святлістых, важкіх, нібы глеба,
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбіні ўлетку неба.
Сваіх хапае слоў у нас,
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у розны час
І заклікаюць на змаганне.
Юнак. Услухайцеся, як сурова і мужна гучала паэтычнае слова М.Танка ў дні Вялікай Айчыннай вайны:
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крынік,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, -
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Гаспадар. У ваенны час узнікла шмат беларускіх песень. Многія з іх былі народнымі. Побач з вінтоўкай дапамагалі нам граміць лютага ворага.
Юнак. Пэўна, усе ведаюць “Лясную песню”, давайце спяём яе (Наступае цішыня. З яе паступова даносіцца “Лясная песня”, якую выконваюць усе прысутныя).
Гаспадыня. А што было, а што знесла зямелька і людзі ў вайну… На сухі лес ды на ніцыя лозы тое, на сухі лес тыя войны…
Юнак. Давайце будзем загадваць загадкі: хлопцы дзяўчатам, а дзяўчаты хлопцпм. (Загадваюць 7-8 загадак, у разгадванні якіх прымаюць удзел не толькі вячорнікі, але і госці).
Дзяўчына. Музыканцік, рэж “Лявоніху”!
(Некалькі чалавек вячорнікаў выконваюць беларускі народны танец “Лявоніха”).
Дзяўчына.
На сцэне “Лявоніхі” тупат спорны,
На сцэне полька канае ў гуле,
На сцэне ўборы маёй матулі
І песня яе – каларыт фальклорны.
І ў век нейлонавы, век маторны,
Хачу, каб песню маёй матулі
І ўнукі ўнукаў маіх пачулі
Не толькі са сцэны,
А ў хаце блізкую –
Над ціхай калыскаю,
Над поўнай міскаю.
Юнак. У нашы дні, дні такога імклівага (развіцця) і абнаўлення жыцця, кожны павінен задумацца аб далейшых шляхах развіцця роднага слова, роднай літаратуры, поспехі якой відавочныя: 13 народных пісьменнікаў, 4 лаўрэаты Ленінскай прэміі, творы якіх вядомы далёка за межамі нашай Радзімы, бо яны нясуць праўду аб нашым сённяшнім жыцці, аб беларускім народзе.
Дзяўчына.
Кажуць, мова мая аджывае,
Век свой ціхі, ёй згінуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальных палескіх крыніц,
Сінь чабору і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Дзяўчына.
Прамяніся ярчэй і ярчэй
Ды звіні ўсё званчэй і званчэй,
Наша простае, шчырае слова –
Беларуская мова,
Матчына мова.
Юнак.
Нізавошта не сказаш, ніколі
Лепш не выкажаш радасці, болю
У адзіным, адным толькі слове,
Як на мове сваёй, роднай мове.
Юнак.
Тут і плёскат азёр,
Тут і гоман адвечнага бору,
Спеў салоўкі, куванне зязюлі,
Голас сэрца любімай матулі.
Гаспадыня. Дарагія госцейкі! Шчырае вам дзякуй і нізкі паклон за мілы, дарагі падарунак, за любоўныя адносіны да матчынага слова. Добрага вам здароўя. Каб спявалася вам, каб у дамочку, у хлявочку, у садочку, у полечку ўсё радзіла і пладзіла.
Гаспадар. Калі ласка ў госці да нас яшчэ завітайце, з дарагой душой сустрэнем. Роднае слова зберагайце, няхай хораша, звонка гучыць яно ў вашых песнях.
Дзяўчына. Дзякуй вам, шаноўныя гаспадары за добрыя словы, за цёплы прыём. Засядзеліся мы ў вас, пара і гонар мець (зацягвае песню “Бывайце здаровы!”. Усе падхопліваюць песню і разам з ёю пакідаюць вячорнікі сцэну. Гаспадары на развітанне ўсіх частуюць ласункамі ўласнага прыгатавання. Інтэр’ер залы не разбураецца. Запрошаныя на вячоркі мамы і бабулі знаёмяць рабят, для чаго неабходны і як карыстацца вырабамі народных умельцаў, расстаўленымі ў зале).



Жыве ў вяках
беларускае слова

Цэтлікі блога для настаўнікаў

спампаваць бясплатна (78) школа (68) настаўнік (67) сцэнарыі (63) сцэнары (61) бясплатна (39) распрацоўка свята (29) канспект (16) вершы (15) свята (14) план (11) 1 верасня (10) каляндарна-тэматычнае планаванне (10) дзень ведаў (9) распрацоўкі урокаў (9) урок (9) Першы званок (8) беларуская літаратура (8) апошні званок (7) беларусь (6) выпускны вечар (6) вучань (5) каляндарныя планы (5) сцэнар вечара школы (5) тэматычныя планы (5) школьны сцэнар (5) 8 САКАВІКА (4) новы год (4) ранішнік (4) 14 лютага (3) Дзень Закаханых (3) Дзень настаўніка (3) Навагодні сцэнар (3) вечар адпачынку (3) сцэнар выпускнога балю (3) характарыстыка (3) 11 клас (2) 5 клас (2) 7 клас (2) вячоркі (2) дзень святога Валянціна (2) канспекты (2) масленіца (2) пераробленыя песні (2) фізіка (2) 10 клас (1) 6 клас (1) 8 клас (1) 9 клас (1) Гасцёўня (1) Міжнародны жаночы дзень (1) Шчаслівы выпадак (1) беларуская мова (1) біялогія (1) вечара сустрэчы выпускнікоў (1) восеньскі баль (1) геаграфія (1) дзень маці (1) дзяды (1) залатая восень (1) заняткі гуртка (1) калядкі (1) матэматыка (1) навучальныя класы (1) паседжання (1) песні (1) распрацоўка (1) свята павука (1) інфарматыка (1)