Цэтлікі блога для настаўнікаў

Рэклама

Дадайце наш блог у свае сацыяльныя сеткі

Папулярныя паведамлення

воскресенье

Свята апошняга званка


Свята апошняга званка

Паўлінка. Добры дзень!
Несцерка. Дзень добры ўсім тым, хто прыйшоў сёння на свята развітання са школай. Наперадзе вас чакае вельмі прыемны час – пара летніх канікулаў, самых цёплых і самых доўгіх.
Паўлінка. Пачакай, Несцерка, не для ўсіх сёння канікулы. Вучняў 9,11 класаў чакае напружаная пара здачы экзаменаў, а для нашых выпускнікоў прагучыць апошні званок.
Несцерка. А дзе ж выпускнікі?
Паўлінка. Хвалююцца вельмі, таму і затрымліваюцца. Давайце папросім вучняў падрыхтоўчага класа запрасіць выпускнікоў на свята.
(Гучыць мелодыя песні “Школьны вальс” і вучні падрыхтоўчага класа выводзяць выпускнікоў на лінейку.)
Паўлінка. Сёння ў нашай хаце свята.
Несцерка. Не ў хаце, Паўлінка, у школе.
Паўлінка. Сапраўды, у нашай школе. Але для многіх вучняў школа стала родным домам, другой хатай. Адзінаццаць год таму гэта школа сардэчна прымала ў першы клас сённяшніх выпускнікоў, але сёння мы прыйшлі правесці іх на вялікую дарогу жыцця. Закончылася іх школьная лесвічка класаў. І сёння, дарагі Несцерка, давай запросім усіх на свята развітання з дзяцінствам.
Несцерка. Так, так, Паўлінка.
Так хацелася б спазніцца
На званок – даўно не першы.
Выпускнік і выпускніца!
Вам сягоння – песні, вершы!
Паўлінка. На свята прыйшлі вучні школы, настаўнікі, бацькі, госці.
Дазвольце прадставіць нашых гасцей:
1.      ……….
2.      ………
3.      ………
Несцерка.
Кожны тут вітаць вас рады
У святочны дзень вясёлы,
Слова з цёплаю парадай
Скажа першы дырэктар школы!
Слова дырэктару.
Дарагія выпускнікі!
Здаецца толькі ўчора вы першакласнікамі спяшаліся ў школу, не думаючы, нават, пра тыя 11 гадоў, якія ўтульна ўладкуюцца на знаёмай сцяжынцы, каб растаяць потым у часе, ператварыцца ва ўспаміны, так хвалюючыя сэрца, а асабліва ў гэты дзень – Дзень апошняга званка.
Апошні званок – як мяжа паміж сном і рэальнасцю; паміж бесклапотнасцю і адказнасцю, паміж дзяцінствам і даросласцю. Усе мы зрабілі гэты крок: нехта са шчаслівым болем развітання, нехта з прадчуваннем новых сустрэч, нехта яшчэ з неасэнсованым пачуццём свабоды.
У святочны дзень трэба ўсміхацца, а на вачах слёзы, думаць пра будучыню, а ў памяці паўстаюць успаміны з мінулага, трэба казаць развітальныя словы, словы ўдзячнасці, а ў горле камяк. Ці думалі вы калі-небудзь, што родная сцяжынка павядзе да школы ўжо зусім іншых дзяцей, якія сядуць за вашыя парты, каб аднойчы таксама ўступіць месца новым вучням. Але ў іх усё наперадзе.
Школа была тым самым караблём, што выратуе цябе ў навальніцу, не дазволіць захлынуцца ў бурных хвалях жыцця.
Вы крыху самі навучыліся плаваць за гэтыя гады, але ўсё роўна бясконцая прастора акіяна палохае. Ці зможа кожны з вас знайсці каштоўную жамчужыну? Ці не апынецца хто на беразе, удалечыні ад сапраўднага жыцця? Столькі пытанняў, і ніводнага адказу.
Хутка празвініць апошні школьны званок, які на працягу 11 год быў вашым памочнікам і сябрам, хоць час ад часу любіў пажартаваць, затрымліваючы на занятках на пару хвілін, што здавалася вечнасцю.
Але я думаю, што вы даруеце званку ўсё ў святочны дзень, даруеце – толькі няхай ён звініць як мага даўжэй…
Хутка новыя выпускнікі будуць чакаць свайго вясёлага і адначасова сумнага смеху, мілы званочак!
Але не трэба надта хвалявацца, бо так павінна быць, гэта – непазбежная рэчаіснасць.
Самае незабыўнае свята.
Толькі чаму свята? Магчыма таму, што адбываецца яно не раз у год, ці нават у дзесяцігоддзе, а раз у жыцці. І адразу ж становішся на прыступку на лесвіцы ведаў. Вы выпускнікі 50 выпуску, першага выпуску трэцяга тысячагоддзя. Гэта Вам будаваць новую Беларусь, вольную, незалежную, квітнеючую.
Плёну Вам і поспехаў! У добры шлях!

(Дырэктар школы зачытвае загад аб допуску да экзаменаў, уручае граматы, віншуе).
Несцерка. Віншуем нашых выпускнікоў з допускам да экзаменаў, з такімі цудоўнымі ўзнагародамі і я не супраць іх атрымаць, бо па спевах і танцах заўсёды меў “пяць”.
Паўлінка. Які ты спявак і танцор, мы добра ведаем, а пакуль што песню на свята вырашылі падараваць выпускнікам вучні 9-га класа.
Паўлінка. Сёння ад прыстані “Дзяцінства” у далёкае плаванне па бурным моры жыцця адплывае карабель пад назвай “Юнацтва”. 8 вучняў ідуць у шлях, цяжкі і доўгі. Многаму прыйдзецца вучыцца зноў і зноў, але памятайце заўсёды, што дзесці на Зямлі ёсць ціхая прыстань – в.Бердаўка, дзе вам будуць заўсёды рады, дзе вы знойдзеце падтрымку і добрую параду.
Несцерка. Пачакай, Паўлінка, неяк сумна ты кажаш. У дарогу, дык у дарогу. Я заўсёды ў дарозе з людзьмі. А вось па-нашаму звычаю перад дарогай трэба прысесці і ўспомніць усё добрае, што было. Давай і мы вернемся на некалькі год назад.
Паўлінка. А як усё пачыналася, мы ўбачым з кампазіцыі “Дыялог”.
Першакласніца: Что происходит на свете?
Выпускнік: А просто сентябрь.
Першакласніца: Просто сентябрь? Вы уверены?
Выпускнік: Да я уверен. Я уже слышал, как скрипнули школьные двери. И прозвенит скоро первый твой школьный званок.
Першакласніца: Что же за этим всем будет?
Выпускнік: А будет урок.
Першакласніца: Будет урок? Что один всего?
Выпускнік: Нет, очень много. Ждёт тебя школьная, долгая очень дорога. Но не волнуйся, она ведь закончится в срок.
Першакласніца: Чем же всё это закончится?
Выпускнік: Будет звонок.
Першакласніца: Снова звонок.
Выпускнін: Ну, конечно, но только прощальный. Годы промчатся, и звон разнесётся хрустальный. И у тебя будет в жизни последний звонок.
Паўлінка. Вось так пачынаўся верасень 1990 года. А размова такая адбылася паміж вучнем 10 класа … і першакласніцай … , бо менавіта яны давалі першы званок, які паклікаў на ўрок нашых сёняшніх выпускнікоў.
Несцерка. Здаецца, гэта было ўчора. 1 верасня 1990 года нясмела, няўпэўнена прыйшлі ў першы клас нашы сённяшнія выпускнікі. І здавалася тады, што ўсё наперадзе: і ўрокі, і званкі. Усё было ўпершыню. А побач былі першыя настаўнікі: …………… , такія ласкавыя, пяшчотныя і разумныя.
Паўлінка. А сёння, напэўна, ім цяжка ўжо і пазнаць тых першакласнікаў. Слова маюць першыя настаўніцы.
(Пасля іх выступлення вучань чытае верш)
Помню першы званок
у вераснёўскую раніцу,
помню першы ўрок,
добры позірк настаўніцы.

Помню нашы каракулі –
Самы цяжкі пачын,
Помню нават мы плакалі
Без усякіх прычын.

А крылатыя мары
Нас куды не вялі!
Мы з героямі Маўра,
Як з братамі жылі.

Хай імчацца гады,
Колькі іх не міне.
Наша школа заўжды
Будзе ў сэрцы ў мяне.
(Гучыць песня выпускнікоў для першай настаўніцы).
Несцерка. Чэснае слова, я і праслязіўся, так выступленне за сэрца кранула.
Паўлінка. Ты не адзін на хвіліну забыўся, бачыш, і я слязінку змахнула.
Несцерка. Хутка ішлі гады. Скончылася вучоба ў пачатковых класах. А што наперадзе? Новыя адкрыцці, новыя знаёмствы.
Паўлінка.
Удачы і няўдачы,
Параграфы, задачы,
Сярэднія вякі,
Аноды і катоды,
Суровыя паходы,
І бітвы, і спражэнні.
А ўсе гэтыя гады з 5-11 кл. побач была класны кіраўнік нашых выпускнікоў …
Несцерка. Ведаем, дзень і журботны, і шчасны, слова дадзім мы настаўніцы класнай.
(Пасля выступлення класнага кіраўніка выпускніца чытае верш):
Кожнаму вучню кавалачак сэрца,
маленькую частку яна аддае.
А колькі было іх!.. таму, мне здаецца,
Што быццам бязмежнае сэрца яе.

І трэба тут быць не пасрэдным акцёрам,
Такім, у якога натхнення няма,
А творчай асобай, крыху фантазёрам,
Каб тое, што робіць, не знікла дарма.

Настаўнік – не праца, а талент, прызнанне.
Далёка не кожны ім здолее быць.
Нялёгкая справа – дзяцей выхаванне.
Душу трэба ўкласці, каб нас навучыць.
(Затым гучыць песня).
Паўлінка.
Якія сёння дзеці вырастаюць!
Народжаныя ў шчасці, дабрыні,
Яны растуць, як на дражджах, зірні,
Падлеткамі аблокаў дасягаюць.
Несцерка. Ідзе пры мне гэтакі атлет – Дзяніс, Сяргей і Слава.
Спартыўнае адзенне і пастава.
Насустрач Віка, Уля, Оля, Таня, Таня –
Дзяўчаты заглядзенне.
І ножкі – хоць сёння ў балет.
Паўлінка. Ад нараджэння да гэтай пары разам з вамі ў радасці і ў няўдачах былі вашы таты і мамы, самыя дарагія вашаму сэрцу людзі.
Несцерка.
Калі жывуць яшчэ бацькі,
Заўсёды знойдзеш ты прытулак.
Яны твой тыл і паратунак,
Калі жывуць яшчэ бацькі.
Для іх заўсёды ты – дзіця,
Яны суцешаць і ўратуюць.
І на сувой твайго жыцця
Свайго жыцця не пашкадуюць.
І там, за далеччу гадоў,
Дзе ім не быць з табою разам,
Святая іхняя любоў
Асвеціць шлях твой цяжкім часам.
(Слова бацькам нашых выпускнікоў.)
Выпускніца.
Вочы маці!
У далёкія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
І ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі.

Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі ўвечары,
Мілыя рукі
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш
Ты насіла велізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай, дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам.
Песня “Рукі маці” ў выкананні выпускніцы.
Несцерка. Кожны з нас для выпускнога класа. Мае слова добрае сказаць.
Паўлінка. А самі выпускнікі. Давай і ім, Несцерка, дадзім слова.

Словы выпускнікоў.
1.      Здавалася б, такі чаканы дзень,
Але чамусьці незвычайна сумны.
Сышоў на травы ледзь улоўны цень
І ў зморшчынках на лобе – столькі думак.

2.      Успомняцца ў адно імгненне тут:
і першы клас, і першае каханне,
і двойка першая – для кожнага прысуд,
якому роўнага не знойдзеш пакарання.

3.      Надзіва, усе настаўнікі, бацькі
Убачацца ў мілейшым самым свеце.
Захочацца вярнуць усе званкі
На гэтай самай дарагой планеце.
4.    Мілыя, сардэчныя, строгія і мудрыя, цярплівыя нашы настаўнікі.

Сёння мы развітваемся са школай, але толькі не з вамі. Вашы веды, якімі вы так шчыра дзяліліся з намі, ваша падтрымка, якая яшчэ так будзе патрэбна нам на экзаменах, ваша разуменне нашых дзіцячых праблем, ваша цярпенне, ваша бескарысная праца, роўная подзвігу, ваша жыццё, якому ніколі няма спакою, стваралі нашы шчаслівейшыя школьныя гады і яшчэ доўга-доўга будуць трымаць нас на паверхні жыцця.

5. Настаўнік!
Кароткі твой засвоіў я ўрок,
У даўгу я прад табою неаплатным,
Што ты і мой
Адкрыў калісьці словам зрок,
Даў зразумець у час – на што я здатны.

6.      Аднаго мудраца спыталі: “Скажы, што такое шчасце?”. І ён адказаў: “Гэта калі я малады душой, калі са мной мая каханая, калі жывыя і здаровыя мае бацькі”.
Дарагія нашы таты і мамы!
Самыя блізкія і родныя нам людзі! Гэта ваш твар асвятляў нам жыццё ад нашай калыскі да сённяшняга дня. Дзякуй, што дапамагалі нам пераадолець нашу першую жыццёвую школьную дарогу, дзякуючы вам мы не звярнулі з яе  і дайшлі да канечнага пункта. Абяцаем радаваць вас ці ў крайнім выпадку не крыўдзіць.

Можна жыць прыстойна і багата
У любой, напэўна, старане,
Ды няма дабрэй бацькоўскай хаты,
За яе няма нідзе радней.

На сяброў сваіх не наракаюць,
Калі ёсць сябры не напаказ,
Ды нідзе на свеце не чакаюць
Так, як тут з дарог чакаюць нас.
(М.Пракаповіч “Вяртанне дадому”)

7. Дарагія рабяты, нашы малодшыя сябры! Сёння мы развітваемся са школай. Але тут застаецеся вы, вы будзеце працягваць нашы традыцыі. Няхай жыве ў нашай школе шчасце пазнання, атмасфера любові і творчасці. А мы абяцаем, што пранясём праз жыццё непаўторнасць урока, дух сяброўства, вернасць роднай школе.

Адзінаццаць год гучаць званкамі,
Незаўважныя, здавалася б, нікім
З той пары, як прывялі нас мамы.
А сягоння мы – выпускнікі.
Школа нас вяла дарогай ведаў,
Сталі мы дарослымі не ў раз,
І заўсёды з намі, ці то следам
Школьны наш настаўнік з класа ў клас.

Савет выпускнікоў 2001 года пастанаўляе: “За цяжкую працу і клопат пра дзяцей у знак удзячнасці ўручыць настаўнікам памятныя медалі і гэтыя кветкі”.
(Гучыць песня).
Несцерка.
Не церпіцца маленькім нашым дзеткам
Вітаць Дзяніса, Віку і Ульяну,
Сяргея, дзвюх Таццянаў
І Олю з Славікам таксама не забудуць.



Прывітанне першакласнікаў:
1.      У светлы шлях, у гэты час,
Выпраўляем 11 клас.
І даем на развітанне
Першакласны наш наказ.

2.      Вы былі маленькімі калісьці,
Гэткімі ж малымі, як і мы.
Пэўна, ад дзіцячае калыскі
З мамамі за ручку вы (прыйшлі?)

3.      А цяпер вялікія вы сталі,
Як жа вы, скажыце, падраслі?
Вы, відаць, на ўроках многа спалі?
А ўрокі слухалі калі?

4.      За акном вясна ў разгары
І канікулы ў нас.
Не ідзіце на спакусу,
Бо экзамены ў вас.

5.      Сёння вы закончылі вучобу,
Вам экзамены прыйшла здаваць пара!
Здайце на “выдатна” ці на “добра”!
Вам ад нас – ні пуха ні пяра!

6.      Хай вы нас не заўважалі
З двухмятровай вышыні
Пстрычкі часам нам давалі
І ляцелі мы ў кусты.

7.      толькі год вучыўся ў школе.
Я і ростам невялік.
Падрасту, таксама буду
Называцца выпускнік.

8.      Пры сёняшняй нагодзе
Запэўніць хочам вас:
І мы шчасліва дойдзем
У 11 клас.

9.      Клапаціліся аб школе,
Многа думалі пра нас.
А цяпер гаспадарамі
Будзем мы не горш за вас.

10.  Абяцаем чэсна, акуратна
Кожны дзень у школе роднай быць.
Як і вы, вучыцца на “выдатна”
І настаўнікаў не крыўдзіць, а любіць!

11.  Прыклад бралі з вас заўсёды,
Бо былі вы маяком.
Я ўпэўнен: ганарыцца буду
Тым, што з вамі быў знаём.

12.  У мяне для вас, сябры,
Слоў зусім нямнога.
Лепей веды, а не грошы
Браць сабой у дарогу.

13.  А яшчэ з сабой вазьміце
Дружбу моцную сваю.
Помні: сябар дапаможа
І ў вучобе, і ў баю.

14.  Ісці вам дальнімі шляхамі.
Ні перад чым не адступаць
І ўсё намечанае вамі
Хай будзе зроблена на “пяць”.

15.  Сёння мы вас выпраўляем
Са школьнага двара.
Цэлым класам вам жадаем
Ні пуху, ні пяра!

Несцерка. Ой, як хутка ідзе час. Пара і нам, Паўлінка, збірацца ў дарогу. Спадзяюся, што нас чакаюць у іншых школах.
Паўлінка. А званок?
Несцерка. Няхай звініць званок, няхай будзіць прыемныя школьныя ўспаміны, няхай гучыць музыка ў вашых сэрцах усё жыццё.
(Гучыць песня “Последний звонок”)
Паўлінка. Даць апошні званок прадстаўляецца вучню 11 класа ……………………. І вучаніцы падрыхтоўчага класа……………………….
Несцерка.
Вам болей не сядзець за партай вузенькай,
Настаўнікі не будуць побач дбайныя,
Званок апошні застанецца музыкай,
Як тыя словы з вамі развітальныя.
Паўлінка.
Званок адзвінеў, ваш апошні званок,
Што зваў на апошні школьны ўрок.
Бывай, наша родная школа, бывай!
Заве вас у новыя далі наш край.
Несцерка.
Туман разышоўся світальны,
Нябёсы глядзяцца ў раку.
Станцуем жа вальс развітальны
Дайце мне Вашу руку.
Станцуем жа тут, ля парога,
Пад музыку сонца, вясны.
Каб Вам хацелася з дарогі
Зноўку вярнуцца сюды.

Выпускнікі танцуюць вальс.
Вучні падрыхтоўчага класа бяруць за рукі выпускнікоў і вядуць у школу.


Фестиваль открытых уроков

  Свята апошняга званка

Цэтлікі блога для настаўнікаў

спампаваць бясплатна (78) школа (68) настаўнік (67) сцэнарыі (63) сцэнары (61) бясплатна (39) распрацоўка свята (29) канспект (16) вершы (15) свята (14) план (11) 1 верасня (10) каляндарна-тэматычнае планаванне (10) дзень ведаў (9) распрацоўкі урокаў (9) урок (9) Першы званок (8) беларуская літаратура (8) апошні званок (7) беларусь (6) выпускны вечар (6) вучань (5) каляндарныя планы (5) сцэнар вечара школы (5) тэматычныя планы (5) школьны сцэнар (5) 8 САКАВІКА (4) новы год (4) ранішнік (4) 14 лютага (3) Дзень Закаханых (3) Дзень настаўніка (3) Навагодні сцэнар (3) вечар адпачынку (3) сцэнар выпускнога балю (3) характарыстыка (3) 11 клас (2) 5 клас (2) 7 клас (2) вячоркі (2) дзень святога Валянціна (2) канспекты (2) масленіца (2) пераробленыя песні (2) фізіка (2) 10 клас (1) 6 клас (1) 8 клас (1) 9 клас (1) Гасцёўня (1) Міжнародны жаночы дзень (1) Шчаслівы выпадак (1) беларуская мова (1) біялогія (1) вечара сустрэчы выпускнікоў (1) восеньскі баль (1) геаграфія (1) дзень маці (1) дзяды (1) залатая восень (1) заняткі гуртка (1) калядкі (1) матэматыка (1) навучальныя класы (1) паседжання (1) песні (1) распрацоўка (1) свята павука (1) інфарматыка (1)