Цэтлікі блога для настаўнікаў

Рэклама

Дадайце наш блог у свае сацыяльныя сеткі

Папулярныя паведамлення

четверг

“Галасы закаханых у беларускую паэзію” Літаратурна-музычны вечар


“Галасы закаханых у беларускую паэзію” Літаратурна-музычны вечар


(Гучыць песня пра каханне “Ой, там над вадою”)
агні кахання – вечныя агні.
Яны нікому з нас не слепяць вочы.
Шчаслівым сэнсам напаўняюць дні,
Пяшчотай вабнай скарачаюць ночы,
Загадкава гучыць у цішыні
Гарачы неспатольны шэпт жаночы.
Бянтэжыцца расчулены юнак,
Упершыню адчуўшы дзіўны смак.

Ёсць у каханні нейкая мяжа.
За гэтай патаемнаю мяжою
Зліваецца ў адно твая душа
З душой каханай, чыстаю душою.
Як ток, між вамі прабяжыць спярша,
Каб адарыць вас яркаю іскрою,
Чароўнае адзінства захаплення,
Што аднаўляе свет і пакаленні.
Каханне… Ці бывае ў свеце яшчэ што-небудзь імгненнае, беспамятнае, такое сляпое і разам з тым велічнае і вечнае. Напэўна, не… і ці ёсць на Зямлі хоць адзін чалавек, які б не адчуў гэтага пачуцця і мог з упэўненасцю сказаць, што гэта такое. Таксама, не.
“Я вас люблю!
Хто, адкажыце мне,
Ні разу не пачуў такія словы?
Які не будзе новы век суровы,
Без гэтых слоў не абысціся, не!
Глядзіце, вунь юнак светлагаловы
З букетам руж бяжыць па сцяжыне.
Не абпаліся ж, хлопча ў жыцці,
Каханню вечна на зямлі цвісці!”
(“Я вас люблю” А.Грачанікаў)
Любоў – гэта не ўстаноўленая законам “непазбежнасць”, а сутнасная ўнутраная патрэба чалавечай душы.
Пра значэнне кахання ў нашых продкаў-славянаў гаворыць народная вера. У старажытнай міфалогіі паводле “Рускіх Ведаў”, бог Вялес, што ўладарыць над іншасветам, усім душам памершых задае самае важнае пытанне: “А ці любілі вы на зямлі?” І толькі тым, хто любіў, адкрывае шляхі на неба.
Чалавек, які валодае дарам любові, бачыць прыгажосць свету і яго каласальную мэтазгоднасць. (песня “Каханне” муз. Марозавай, сл. Н.Гілевіча).
Ліра Я.Купалы, якая спела столькі песень аб народнай нядолі, здольна выявіць найінтымнейшыя зрухі душы, пачуцці.
Культ каханай жанчыны-адзінай, “ненагляднай”, авеяны паэзіяй рацарскага высакародства. Ён перад ёй схіляецца, як перад багіняй, цудам жыцця. Яна ўпрыгожыла сабой увесь свет, яго бясконцыя праявы; бо ён глядзіць на ўсё вачамі бязмежна закаханага.

У хаце маёй ужо будзь гаспадыняй,
Няма ў мяне нікога, проч цябе,
Сядзь на пачэсны кут, мая багіня,
І будзем думы думаць аб сабе.

У начной цішы, у любым упаенні,
У патаенні ад жыцця, людзей,
Агонь душу і сэрца распрамене,
Агонь гарачых, злучаных грудзей.

І мнагацветныя акружаць нас вясёлкі,
Маланкі залатыя замігцяць.
А думкі нашы, верныя саколкі,
Да неба з добрай весткай паляцяць.

Так мілаванне к шчасцю след адчыне,
А мілаванне – над царамі цар, -
І будзеш век маёй ты гаспадыняй,
А я твой вечна буду гаспадар.
Шмат радкоў складзена паэтам аб каханні.
Самае тонкае чалавечае пачуццё – каханне па-сапраўднаму раскрываецца, як паказвае паэт, на фоне прыроды, пры непасрэдным яе ўдзеле, бо толькі яна разумее глыбіню пачуцця, садзейнічае яго росквіту.
Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
Уецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
У садзік ка мне пагуляці.

Хвалямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
Час нам праходзіць будзе,
Бачыць будуць зоры і месяц,
Бачыць не будуць нас людзі.

Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
Ліпкі шумець, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
Буду слугой, ты – царыцай.

Радасцю, уцехамі пад ліпак стрэхамі
Будзе нам доля ў ноч гэту.
Сэрцавы струны ўдарам каханне
На зайздрасць цэламу свету.

Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
У садзік ка мне пагуляці.
Ужо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
Уецца туман сенажацяй.
Беларуская лірыка – гэта і чысціня, і наіўнасць юнацкага свету ў вершах Анатоля Вярцінскага. “Зязюліным ранкам пасля салаўінага вечара і перапельнай ночы” размаўляе па-сучаснаму каханне Пімана Панчанкі.
Такая ж нявыдуманасць пачуцця ў лірыцы Рыгора Барадуліна, Анатоля Грачанікава, Максіма Танка, Леаніда Дранько-Майсюка.
Вабяць азёрныя далі
Ціхай вячэрняй парой,
Дзе мы аднойчы шукалі
Папараць-кветку з табой.
Зоры з табой мы лічылі
 Каля азёрнай вады.
Кветкай чароўнай, дзяўчына,
Стала ты мне назаўжды.

Папараць-кветка ўзыходзіць,
Папарыць-кветка цвіце.
Папараць-кветку знаходзіць
Той, хто з каханай ідзе.

Чыстыя воды купалля,
Лес прыазёрны і луг
Нам падарылі кахання –
Шчасцем азораны круг.
Шэпчуць дрымотныя хвалі
Голасам птушкі начной.
Папараць-кветку шукалі –
Шчасце знайшлі мы з табой.
А колькі цудоўных песень напісана на вершы беларускіх паэтаў. І жартоўныя, і лірычныя, але амаль ва ўсіх іх праходзіць тэма кахання, спрадвечная тэма.
(песня “Дзіўны лістапад”).
Асабістым цёплым ручайком цякуць у беларускай паэзіі кахання вершы, напісаныя жанчынамі. І, мабыць, таму, што яны належаць жыночаму пяру, яны такія шчырыя, пранікнёныя, такія незвычайна добрыя, зразумелыя.
Ты думаў пра мяне,
Я ведаю – бо ў ночы
Я не магла стуліць на хвіліну вочы.
І думка горача мне сэрца хвалявала
Ты думаў пра мяне, і я таму не спала.
Ты думаў пра мяне, я ведаю – у слова,
Жар пылкіх дум тваіх быў валіцца гатовы,
Яны гучалі тут, так шчыра, так глыбока,
Мне пець хацелася – і плакаць, лёгка, лёгка.
(К.Буйло “Ты думаў пра мяне”. Песня “Светлая замова”).
Раіса Баравікова – тонкі лірык. Шмат увагі аддае асабістай, інтымнай тэме, вершам пра каханне, у якіх чалавек выпрабоўваецца на вернасць, высакароднасць.
Ля крыніцы брустае вянец,
Абранёны на шчасце вянок,
Тут калісь палявалі славяне
На чужых даўганогіх жанок.
Паўтараецца многае ў свеце
На палянцы распалім касцёр,
І заблудзіцца месяц  у вецці
Як лазе агнявое касцёр.
У тваім сінявокім абліччы
Я славянскія рысы знайду,
Стань жа сёння маім паляўнічым
Я сама пад руку пападу.
Так прыгожа, самааддана, так пяшчотна можа кахаць толькі жанчына. На жаль, каханне не заўжды бывае вечным і шчаслівым. Калі прыходзіць твая вясна, то здаецца, што заўсёды будзе так узвышана, так хораша. Аднак, жыццё – складаная рэч. Яна ставіць чалавека ў розныя абставіны.
Ты пакліч мяне, пазаві,
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві.
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві,
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві –
Першы поспех і першыя крокі.
Прыручаюць салаўі,
Там, дзе выбеглі ўдаль канавы
Пачынаецца ўсё з любві
А інакш і жыць немагчыма.
(Яўгенія Янішчыц)
росы выспелі, росы выспелі,
усё ўспышкамі расцвіло.
Шчасце выпала, шчасце выпала,
Ды нядоўгім яно было.
Больш не вернецца ў сэрца агонь,
Бо суперніца, бо суперніца,
Бо суперніца ўкрала яго.
Зноў курлыканне, зноў курлыканне,
Жураўлінае над сялом.
Шчасце выпала і не выпала,
Бо нядоўгім было яно.
(М.Янчанка)
Каханне… Яно не выбірае ні час, ні ўзрост, ні надвор’е. яно прыходзіць і ўсё! Нават, калі ўжо адышло, яшчэ доўга шчыміць сэрца.
Я не веру, што прайшло каханне
З гадамі маладымі на пачын.
Што нашых вуснаў,
Нашых душ яднанне
Не можы сівізны перамагчы.
Я і цяпер расказваю,
Як тайны,
Твой кожны дотык,
Кожны позірк твой.
Ад старасці ахоўваю адчайна.
Святыя хвілі радасці жывой.
Калі тваё спякотнае дыханне
Сціхае ўранні на маім плячы.
І я не клічу новае каханне
Мне б тое,
Маладое,
Зберагчы.
(Г.Буроўкін) (песня “Кахання нашага пара”)
Усё, што гаварылася пра каханне да гэтай пары – бясспрэчна праўда, што “тайна сия велика есть”.
Дзякуй паэзіі, лірыцы кахання за магчымасць словам выказаць пачуцці. Сёння ў нашай гасцёўні, я ўпэўнена, ёсць самадзейныя таленавітыя паэты ці проста аматары паэзіі.
Хай не знае доўгае разлукі
І ніхто адзін, і ні цэлы свет.
А любімых век ласкавыя рукі
Затуляюць нас і ад стуж, і ад бед.
Мне застаецца толькі пажадаць Вам словамі верша Аркадзя Куляшова:
Спакойнага шчасця
Не зычу нікому:
Навошта грымотам
Маланка без грому,
Навошта ручай
Без пякучае смагі,
Халодная ўвага
Не варта ўвагі.
(музыка)


  “Галасы закаханых у беларускую паэзію” Літаратурна-музычны вечар

Цэтлікі блога для настаўнікаў

спампаваць бясплатна (78) школа (68) настаўнік (67) сцэнарыі (63) сцэнары (61) бясплатна (39) распрацоўка свята (29) канспект (16) вершы (15) свята (14) план (11) 1 верасня (10) каляндарна-тэматычнае планаванне (10) дзень ведаў (9) распрацоўкі урокаў (9) урок (9) Першы званок (8) беларуская літаратура (8) апошні званок (7) беларусь (6) выпускны вечар (6) вучань (5) каляндарныя планы (5) сцэнар вечара школы (5) тэматычныя планы (5) школьны сцэнар (5) 8 САКАВІКА (4) новы год (4) ранішнік (4) 14 лютага (3) Дзень Закаханых (3) Дзень настаўніка (3) Навагодні сцэнар (3) вечар адпачынку (3) сцэнар выпускнога балю (3) характарыстыка (3) 11 клас (2) 5 клас (2) 7 клас (2) вячоркі (2) дзень святога Валянціна (2) канспекты (2) масленіца (2) пераробленыя песні (2) фізіка (2) 10 клас (1) 6 клас (1) 8 клас (1) 9 клас (1) Гасцёўня (1) Міжнародны жаночы дзень (1) Шчаслівы выпадак (1) беларуская мова (1) біялогія (1) вечара сустрэчы выпускнікоў (1) восеньскі баль (1) геаграфія (1) дзень маці (1) дзяды (1) залатая восень (1) заняткі гуртка (1) калядкі (1) матэматыка (1) навучальныя класы (1) паседжання (1) песні (1) распрацоўка (1) свята павука (1) інфарматыка (1)